Символ веры

Да шчаслівай будучыні

рождество, поздравление кондрусевича

Глыбокапаважаныя святары, кан­сэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі! Сардэчна вітаю вас у радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, калі мы адзначаем прыйсце Бога ў чалавечым целе ў наш грэшны свет з мэтай яго збавіць.

тадеуш кондрусеввичЗмяняюцца часы і звычаі, але праўда Божага Нараджэння застаецца той самай. Яна заклікае нас да таго, каб Бог сваёй ласкай нараджаўся ў нашых сэрцах і праз нас у свеце, які ўсё больш адыходзіць ад Бога і патрабуе новага духоўнага подыху.

Вера ў боскасць і чалавечнасць ­Езуса Хрыста з’яўляецца падмуркам нашага аптымізму. Мы верым у Бога і ў той самы час верым, што Сын Божы ўцелавіўся. А гэта азначае, што разам з Ім Божая ласка зыходзіць у наш бачны свет, нашу працу, наша асяроддзе і нашае жыццё. Гэтым самым хрысціянства абагаўляе зямлю.

Адзін чалавек наведаў кляштар і пабачыў, як манахі з радасцю супольна моляцца і жывуць. Тады ён сказаў: «Якія яны шчаслівыя, могуць забыцца пра ўсе зямныя праблемы». Але потым дадаў: «Аднак у той самы час яны не могуць пагар­джаць грэшным светам, бо і ў яго сыходзіць Бог».

Сапраўды, Бог уцелавіўся больш за 2000 гадоў таму і зышоў у наш свет. Але Яго ўцелаўленне працягваецца праз дзейнасць Касцёла, праз нас, нашу малітву і працу. Таму Божае Нараджэнне неабходна святкаваць увесь час. Усё наша жыццё — гэта наш Бэтлеем, у якім Бог з намі. Ці мы гатовы яго прыняць? Ці можам мы, людзі XXI стагоддзя, якія ўсё больш зацыкліваемся на сабе саміх, на пошуку прыемнасцяў, імкненню да ўлады і багацця, давяраем дасягненням свайго розуму, развіццю навукі і тэхналогіі, з пакорай прыняць праўду ўцелаўлення ­Бога? Ці можам дапусціць, што паміж нас прыходзіць сам Бог?

Сучасны свет, і асабліва Еўропа, усё больш секулярызуецца, адмаўляецца ад Бога і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Прымаюцца супярэчныя Божаму закону і духу Евангелля пастановы. Не шануецца Богам створаны інстытут сям’і. Самыя новыя дасягненні генетыкі выкарыстоўваюцца для маніпуляцыі з найбольш каштоўным Божым дарам, якім з’яўляецца дар жыцця. Вядзецца прапаганда згубнай гендарнай ідэалогіі. Парушаюцца прынцыпы сацыяльнай справядлівасці. Тэрарызм і гібрыдныя войны становяцца новай пагрозай. Вялікай праблемай з’яўляецца міграцыя. Сучасная культура і медыя, замест таго каб умацоўваць духоўныя каштоўнасці, іх адрынаюць.

Вам может быть интересно...  К Светлому празднику

Праўда ўцелаўлення Бога заклікае да таго, каб мы сваім хрысціянскім жыццём неслі Хрыста ў наш свет, які Яго патрабуе. Сапраўднае хрысціянскае жыццё — гэта той шлях, на якім чалавек пакліканы ісці за Богам, а не спа­дзявацца толькі на дасягненні навукі і тэхналогіі або на гараскопы ў надзеі па­знаць сваю будучыню. Хрысціянін павінен даверыцца Хрысту, які нарадзіўся ў Бэтлееме і нараджаецца сёння на нашай зямлі, каб заставацца верным ідэям будовы свабоднага і цнатлівага грамадства.

Можна мець добра развітую эканоміку, але калі не будзем жыць паводле духоўных каштоўнасцяў, то будзем слабымі і лёгка ўразлівымі. Каб быць моцнымі, неабходна адрадзіць духоўную сілу.

Дарагія браты і сёстры!

Прыйсце Сына Божага ў асобе чалавека ў наш свет стала пачаткам ажыццяўлення Божага плану збаўлення. У безабаронным Немаўляці праявілася бязмежная Божая любоў, якая не цуралася і далей не цураецца схіліцца над грэшным чалавекам, каб яго выратаваць ад вечнай смерці і даць новую надзею.

Святкаванне таямніцы Уцелаўлення Божага Сына дазваляе нам чарговы раз наблізіцца да праўды аб Богу, які хоча быць блізкім да кожнага з нас; хоча выпаўніць святлом сваёй святой прысутнасці наша жыццё і нашы справы.

Віншую ўсіх вас з Нараджэннем Хрыс­товым!

Віншую каталікоў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія будуць святкаваць Хрыстова Нараджэнне праз два тыдні!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Ад усяго сэрца жадаю ўсім вам, выпаўненай супакоем, духоўнай пілігрымкі ў бэтлеемскую пячору і спаткання з Нованароджаным, захаплення ад кантэмп­ляцыі Яго святога аблічча.

Няхай дзякуючы таямніцы ўцелаўлення Бога наша Айчына стане Бэтлеемам XXI стагоддзя, каб у ёй кожны дзень сваёй ласкай нараджаўся Езус! Няхай Ён адорыць нас сваім супакоем! Няхай узба­гаціць новай надзеяй, якая не толькі ў палітычнай ці эканамічнай свабо­дзе або ў рэформах, але перад усім у ­Богу! Няхай благаславіць нас і вядзе шляхам свайго Евангелля ў шчаслівую буду­чыню!

Беларусь, не бойся прыняць Езуса, бо ў Ім наша надзея і шчаслівая будучыня!

Вам может быть интересно...  Православные Церковные праздники в 2018 году

Раздзяляючы з усімі вамі радасць прыйсця Сына Божага ў свет, на знак еднасці дзялюся традыцыйнай аплаткай. Як яна складаецца з многіх зярнятак, таксама і мы будзьма адзіны ў ­Езусе Хрысце, каб наша радасць была поўнай!

Свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёускага