Культура Символ веры

Пасха – шлях у будучыню

Гэтым пасхальным воклічам вітаю ўсіх вас у самае галоўнае свята хрысціянства — Пасху Хрыстову.

Мы з настальгіяй успамінаем тыя месцы, дзе нарадзіліся, правялі дзіцячыя гады і ўзрасталі, і па меры магчымасці стараемся іх навед­ваць. У такія моманты ў нашай памяці ўсплываюць падзеі нашага дзяцінства і маладосці… Адначасова мы бачым, як шмат змянілася… Тады мы ўсведамляем, што мінулага нельга вярнуць, нельга павярнуць гадзіннік нашага жыцця назад.

Гэтую праўду вельмі добра зразумела Марыя Магдалена ў велікодную раніцу.

Калі яна спаткала Яго каля пустой магілы, то спачатку падумала, што гэта садоўнік. Аднак на слова Езуса «Марыя» яна адказала: «Раббуні (што азначае «Настаўнік!») (пар. Ян. 20, ­14-16). У яе голасе адчувалася надзея, што ланцуг жудасных падзей апошніх дзён нарэшце парваўся і яны сталі не чым іншым, як сном.

Ці можам мы цяпер перанесціся ў тыя часы, калі Езус навучаў на берагах Галілейскага возера, чыніў цуды, суцяшаў бедных?

Навука і сучасныя тэхналогіі калі не абяцаюць павярнуць час назад, то імкнуцца, прынамсі, яго запаволіць. Мы з’яўляемся часткай культуры, якая ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі адкідвае смерць. Ва ўзросце пасля трыццаці мы ўсімі сіламі імкнёмся захаваць моладзевы выгляд і не паказваць, што старэем. Салоны амаладжэння становяцца ўсё больш папулярнымі… Аднак іх абяцанні не вырашаюць галоўнага, а менавіта не гарантуюць вечнага жыцця і шчасця.

Калі такія і падобныя сучасныя тэн­дэнцыі стараюцца затрымаць час, то Пасха вядзе нас наперад.

Пасха — па-габрэйску «Пэсах», што азначае «пераход». Габрэі святкавалі Пэсах на ўспамін цудоўнай ночы, калі яны пакінулі Егіпет — месца свайго рабства. Перад імі адкрыўся шлях у будучыню, у зямлю абяцаную.

Таксама і Пасха, якую мы святкуем ва ўспамін уваскрасення Хрыста, з’яўляецца святам не мінулага, але будучыні.

Адна гісторыя распавядае пра тое, як падчас пошукаў патанулай падводнай лодкі вадалаз нарэшце ўбачыў яе і пачаў хадзіць у сваім падкаваным жалезам абутку па яе корпусе. Знахо­дзячыся ў жалезнай магіле патанулай лодкі, маракі пачулі яго крокі і азбукай Морзэ спыталіся, ці ёсць надзея. Вадалаз адказаў: так, надзея іх выратаваць

ёсць, — і маракі сапраўды былі выратаваны.

Гэта вобраз сучаснага свету, аб якім мы павінны памятаць, калі адзначаем свята Уваскрасення Езуса. Чалавецтва знаходзіцца ў жудаснай пастцы, як быццам у цёмнай магіле патанулай падводнай лодкі. У такой крытычнай сітуацыі яно чакае словаў надзеі.

Сучасны свет ніяк не можа выйсці з эканамічнага і фінансавага крызісаў. Яго скаланаюць палітычныя і сацыяльныя крызісы. З кожным днём нарастае міграцыйны крызіс. Многія краіны свету адмаўляюцца ад устаноўленага Богам інстытуту сям’і як

адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай нараджэння патомства і яго выхавання, і прапагандуюць гомасексуальныя саюзы… Божы дар жыцця становіцца таварам, ім можна гандляваць і маніпуляваць, яго можна беспакарана забіваць ва ўлонні маці. Тэрарыстычныя акты трымаюць у страху цэлыя народы… Шмат людзей, асабліва маладых, шукае шчасця ў віртуальным жыцці…

Гэтыя і многія іншыя анамаліі сучаснага свету сведчаць аб тым, што ён знаходзіцца ў тупіку, з якога не ведае, як выйсці. Таму лагічна, што ён усё часцей задае пытанне: «Ці ёсць яшчэ надзея?“

Надзея ёсць, і яна ва ўваскрослым Езусе, бо Пасхальная таямніца змяняе свет, і мы маем магчымасць быць

удзельнікамі гэтай станоўчай змены.

Што для гэтага патрэбна?

Хрысціянін павінен быць тым, хто ўсведамляе, што ўсё, што ён мае, з’яўляецца Божым дарам і Ягонай лас­кай, што яго жыццё кароткае, што ён слабы і грэшны. Аднак, нягледзячы на гэта, ён застаецца ўмілаваным дзіцём Божым.

Таму неабходна жыць ідэяй уваскрасення, бо мэта нашага зямнога жыцця — дасягнуць вечнага жыцця з Богам. Гэта азначае, што ўсе прывязанасці да часовай рэчаіснасці з’яўляюцца адноснымі, а не абсалютнымі. Наша задача — жыць згодна з Божым законам…

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Віншую ўсіх вас са святам Пасхі Хрыс­товай.

Віншую тых хрысціян, якія разам з намі святкуюць гэтае свята святаў.

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія будуць адзначаць свята перамогі Хрыста над злым духам, грахом і смерцю праз тыдзень.

Віншую ўсіх суайчыннікаў.

Ласкі ўваскрослага Езуса, Яго святла і благаслаўлення, моцнай веры і любові Бога і бліжняга ўсім нам і нашай Баць­каўшчыне Беларусі…

Няхай праўда ўваскрасення стане новай духоўнай ін’екцыяй, якая адновіць жыццё нашага грамадства, а ўваскрос­лы Збаўца будзе нашай надзеяй і вядзе ў шчаслівую будучыню — да новай абяцанай зямлі, якой з’яўляецца Божае Валадарства.

З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мiтрапалiта Мiнска-Магiлёўскага

Автор: